«Вітаю, Іначка!»

Вітаю, Іначка!»

Прыкладна так Ніна Іванаўна Бобрык прывеціла яе, часовую (на якіх пару месяцаў) прадстаўніцу службы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, студэнтку Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсі­тэта Іну Масько.

– Цётка Ніна, прымайце заказ. Што пажадаеце ў наступны мой прыезд? – дзяўчына таропка занатавала заказ пенсіянеркі ў сшытак.

– Дзякуй, Іначка! Якраз да твайго прыезду я назбірала два вядры парэчкі. Думаю здаць нарыхтоўшчыкам. Толькі вось як даехаць да іх?

Памочніца хуценька набрала па мабільніку нумар брата Івана, таксама студэнта, які канікулярыў у бацькоў у Сякерычах.

– Іван, неабходна дапамагчы цётцы Ніне здаць нарыхтоўшчыкам парэчку. Пад’едзь да яе ў Сухлічы. Якраз у Зубках прыезджыя нарыхтоў­шчыкі прымаюць ад людзей па добрым кошце ягады…

Іна запэўніла Ніну Іванаўну, што праблема будзе паспяхова вырашана.

– Трэба завітаць да дзеда Алеся. Вязу яму хлеб, селядцы, напітак…

Дзяўчына спрытна скочыла на матаролер і ўмомант была ля хаты 97-гадовага Алеся Васільевіча Новіка.

Пасля Ніна Іванаўна, рухавая і спагадлівая кабеціна-пенсіянерка, будзе мне даводзіць, што ў Таццяны Генадзьеўны Масько слаўныя дзеці – і студэнты, і ў час канікулаў не цураюцца працы, дапамагаюць бацькам.

Сапраўды, Іна вучыцца ў Мінску, атрымлівае павышаную стыпендыю, а ў час канікулаў працуе ў службе сацыяльнага абслугоўвання насельніцт­ва – падмяняе маму. І цяпер у Сухлічах чакаюць маладую памочніцу ў вызначаны час: прыгожая дзяўчына адорыць сваіх падапечных увагай.

– Гэта ж такі гонар яе бацькам, – вельмі дарэчы падкрэслівае дзед Алесь.

… Ну ці не святыя словы Алеся Васільевіча? Бог, прырода, бацькі, нас­таўнікі Зубкаўскай сярэдняй школы здолелі ўкласці ў Іну і Івана рысы дабра, спагады, пранікнёнай чуласці да людзей сталага веку.

Асабіста хачу дадаць, што Іван стане інжынерам, а Іна – доктарам,  вартай людской надзеі.

Вялікае вам дзякуй!

Уладзімір Новік,

пенсіянер.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *